Пімен Панчанка

Мы

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Праслаўлены лётчык,
Герой пасівелы
(I радуга планак,
I Зоркі святло)
Расказваў проста
I трошкі няўмела
Прыцішаным вучням,
Як неба гуло.

Ён «мы» гаварыў.
«Я» гучала не часта.
Успомніў усіх,
Абавязан каму,
Як быццам належала
Зорка спачатку
Згарэўшым і збітым,
А потым — яму.

А быў ён адважны,
I жыў ён не ціха, ды помніў
Свайго гераізму выток:
Вучонага розум
I нітку ткачыхі,
Галоднага тылу
Падмецены ток;
Шыфроўкі разведчыкаў,
Хлеб, і жалеза,
I дружбу,
I ленінскай праўды тамы.
I быў ён шчаслівы,
Што можа адрэзаць
Дакладна і горда:
Што мы — гэта мы.

Снежань

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Ад Дзвіны да Прыпяці —
                      бела, бела,
Ад Дняпра да Нёмана —
                      снег і снег.
Свята сінім полазам
                      зранку зарыпела,
Тысячы аўтобусаў
                      пачалі свой бег.

Добры дзень, суседзі!
                      Будзем век сябрамі.
Добры дзень, суседкі!
                      Светлая зіма...
Нас усіх радзіма
                      у сям'ю сабрала,
Нават тых, адважных,
                      каго ўжо няма.

Брацкія імёны
                      злічыць не бяруся:

Свой лёс мы самі выбіралі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Свой лёс мы самі выбіралі
Не на гады, а на вякі.
З усёй Расіі паміралі
За Беларусь бальшавікі.

Я не магу ўявіць без рускіх
Жыцця,
Каб іншы лад ішоў.
Мне б здаўся свет занадта вузкім
Без украінцаў, латышоў.

Без мора Чорнага, без Волгі,
Без Енісея і тайгі:
Там ёсць і нашыя трывогі,
I кроплі нашае тугі.

Там ёсць і нашай працы жмені...
Хачу ад сэрца пажадаць:
Спяшыце, людзі, новай змене
Любоў і дружбу перадаць.

Неспакой

Сярэдняя: 5 (1 голас)

1

Вечная незадаволенасць —
У сэрцы балючым рэхам.
А можа, гэта няздольнасць
Угнацца за ярасным векам?

А можа, лепей, чым гнацца
За простай і яснай ісцінай,
Цішком над гатовым згінацца
Ці слацца апалым лісцем?

Толькі не гэта, не гэта.
Не здолею — кропка. Труна.
Iншыя будуць паэты
Сэрцы людскія кранаць...

Я ганаруся партыяй,
Ды мала цяпер прысяг.
Чаго, пытаюся, варты я,
На якой вышыні мой сцяг?

2

Эпоха на аркане
Трымае моцна нас.
Навошта нараканні
На звар’яцелы час,
Што забіваюць хуткасці,
Што забівае тэмп?
Мы на ўспаміны хукаем,
На свежасць першых тэм.

Грыфельныя дошкі

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Мы іх насілі ў торбачках белых
Разам з антонаўкамі і гарохам.
Навука грыфелем ціха скрыпела
I рыхтавала нас у дарогу.

Пісалі словы, пісалі лічбы,
Сціралі з дошак, але не з сэрцаў.
I мы ўжо зналі, якім Ільіч быў,
Што з намі будзе ён аж да смерці.

Ад гэтых дошак няма і следу...
Не, след застаўся, глыбокі, вечны,
I слова «Ленін» ляціць над светам.
I герб савецкі — пад Шляхам Млечным.

Мае настаўнікі

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

З пажоўклых пергаментаў,
З прапыленых фаліянтаў,
З усіх шчылін мінулых стагоддзяў
Вылазяць галовы
Мудрых разбойнікаў,
Кволых філосафаў,
Фанатыкаў і прарокаў,
І кожны
Дагматычным пальцам
Тыкае ў маё набалелае сэрца:
Я твой настаўнік.

Каб я паслухаў адных —
Мне патрэбна было б знішчыць
Палову чалавецтва.
Каб я паслухаў іншых —
Знішчыў бы другую палову.
I на кожнай вярсце
Нечуванай адлегласці
(Ад каменных дзідаў
да атамных шахтаў)
Пакінулі знакі свае
Прагнасць, злаба, і нянавісць.
Для мяне непрымальна
Ніводная форма прыгнечання,
I я ненавіджу
Чырвонае вока вайны.

Ламае час былыя звычкі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ламае час былыя звычкі,
Да наслаенняў я прывык:
Асліны голас электрычкі,
I старажытны маладзік,

I аўтаматыкі шарады,
I хітрай хіміі гушчар,
I чарнаморскія шаланды,
I лісця восеньскага жар,

Будзённы космас,
I Будзённы
Яшчэ ўсё скача на кані,
I чалавека воблік цёмны,
Што знік у атамным агні.

I два зубры, што з пушчы збеглі,
Убачыўшы счарнелы снег, —
Усё на сэрца цяжка легла,
Перамяшала страх і смех.

Тыпова, чорт вазьмі, тыпічна:
Тэлеантэны над вярбой,
Выпрабаванні стратэгічных
Ракет
I ракавы разбой.

Як мнагалюдна на планеце!
Больш тых, хто з голаду век пух,

Мітынгі вялікай рэвалюцыі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Мітынгі вялікай рэвалюцыі —
Боль адзін,
I стогн адзін,
I гнеў адзін.
Сходы для будзённай рэзалюцыі —
Шум адзін,
I сум адзін,
I сон адзін.

Словы праўды,
Нас вы ратавалі
У часіны грозных небяспек.
Словы фальшы,
Вас па рытуалу
Мямліць раўнадушны чалавек.

А хацеў бы я збіраць натоўпы
Дружных, але стомленых людзей
Толькі
Для вялікай справы,
Толькі
У тыя дні, калі набат гудзе.

Жыццё маё...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Жыццё маё, ты — як цягнік бясконцы:
Святло і цень,
То змрок, то светласць рос.
I людзі з-за мільгаючых аконцаў
Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.
Я добра знаю ныцікаў мізэрнасць,
Не страчу моцнай веры
Ад няўдач...
I тапаліны пах, і шорах зерня,
I пад труною горкі матчын плач,
I выкрык развітальны паравоза,
I галасы з касмічных караблёў,
I смех дзяцей,
I ворагаў пагрозы, —
Жыццё сваё навек я з вамі сплёў.
Мой белы свет,
Мой свет цяжкі ды мілы,
Я ведаю, як трэба шмат рабіць,
Каб нам было бліжэй, чым да магілы,
Да шчасця і да сонечных арбіт.
Таму крывінкай кожнай ненавіджу

Нашым сынам

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Не гаруйце, хлопцы,
Што нарадзіліся позна,
Што замест рамантыкі —
У вас нуда граматыкі.
Вы яшчэ на подзвігі
Атрымаеце позвы,
I па вас наплачуцца
Сёстры і маткі.

Не журыцеся, хлопцы,
Што нарадзіліся рана,
Вы нарадзіліся
У самы добры час:
Вы бачылі ўчора
На блакітных экранах
Першага пешахода
Завоблачных трас.

А я нарадзіўся
У вялікім Семнаццатым,
Гэты год запомніць
Трэба нам усім:
Рэвалюцыя —
Пачатак касманаўтыкі,
Нашай праўды,
Нашай славы,
Нашых сіл.

Не забудзьце, хлопцы,
Перад стартамі
Успомніць наша гора,
Нашы страты.
А заганы нашы,
Страхі і хваробы

I неба не праяснілася...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

I неба не праяснілася,
I дождж затапіў паплавы,
I ноччу мне сёння прыснілася,
Што быццам бы я нежывы.

Дапісаны пісьмы і вершы.
Запоўнены сотні анкет.
Пісьменнікі ў гонар памершага
Ладзяць прытворны банкет...

Прачнуўся. На сэрцы — дрэнна.
Трывога ў сэрца б'е:
Няўжо пражыты дарэмна
Гады агнявыя мае?

Мацней бы хацелася верыць
I людзям, і дружбе, і вершам.
Ды толькі дарог тых не мераць.
Што змералі мы ў сорак першым.

Не паўтараць памылак,
Не дараваць зняваг,
Адстойваць з большай сілай
Чырвоны ленінскі сцяг.

Сумленне

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Зноў плявузгаюць: «Кепска будзе.
Час няўстойлівы і благі...»
Хлусяць не багі, а людзі,
Крывадушнічаюць не багі.

I мяшчанскае гэта вар'яцтва
Горкім пылам вісіць над табой.
Паспрабуем не прытварацца:
«Што ты зробіш», —
А рынемся ў бой.

Мы на чулых людзей багаты,
Злосці б трохі да чуласці той!
Часта гады і тарбахваты
Карыстаюцца дабратой.

Праўда веку!
Зрабі нас дужымі,
Рабства знішчыць дапамажы:
Рабства жонкі і рабства мужа,
Рабства дачаў і аўтамашын;

Рабства чаркі, паперкі, блату,
Біркі званняў і крэслы чынуш.
Мы плацілі вялікую плату
За шчаслівы наш дзень.

Асцерагайцеся падробкі

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Я помню з сінькаю каробку
Ў кааперацыі старой.
«Асцерагайцеся падробкі» —
Было напісана на ёй...

Языкачосаў безадказных
Было у нас калісьці шмат.
Для іх усё бывала ясна
Паводле догмаў і цытат.

Я помню вас, сухіх і хмурных,
З мясцінаў розных і гадоў,
Многаступеньчатыя дурні
I дэмагогі ўсіх сартоў.

Было адно зярнятка праўды
На сноп развесістай хлусні.
Абы плацілі грошы спраўна —
Не шкадавалі траскатні.

А сёння, сёння памаўчыце, —
Нам трэба жыць і працаваць.
«Ура» так гучна не крычыце,
Калі кладуцца дзеці спаць.

У час жыццёвай пераробкі
I ўзлёту
Змоўкніце зусім.

Паэма майго лесу

Сярэдняя: 5 (1 голас)

На цябе, мой лес,
Як на цуд, гляджу —
Ад сасновых карон
Да блакітных красак.
Палянка дыміцца
Пасля дажджу,
Як зялёная коўдра
Пасля гарачага праса.
Ювеліршчына
Тут мігам абясцэніцца:
Гэтае зіхценне рос —
Без цэн.
Нават звонкая
Птушыная бяссэнсіца
Набывае ў лесе
Першародны сэнс...
Потым гул ідзе...
З глыбінь сусвету,
Грозны і бязмерны
Акіянскі гул.
Лес хавае ў мох
Свой воблік светлы,
Асыпае
Ігальчастую туту.
Што ты сумна гудзіш так?
Пакінь, пакінь...
Не прытварайся суровай тайгой.
Нам паплакаць было па кім
I праклясці было каго.
Помніш,
Мы пашумім, —

Лінія высокага напружання

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

На прасторах
Між вялікіх гарадоў,
Над зямлёй,
Спакойнай і натруджанай,
Іней асыпаецца
З калматых правадоў
Лініі высокага напружання.

А падпоры —
Як гіравікі:
Ні на хвілю
Зняць цяжар той
Нельга ім.
У гушчар жыцця
Не дні — вякі
Ленінскую
Несці ім энергію.

Быццам нежывыя
Правады,
А кранеш —
I ўмомант будзеш спалены...
Тым агнём і нашыя рады
Непрыкметна для чужынцаў
Спаяны.

Адчуваем мы сябе заўжды
Маракамі,
Нават касманаўтамі,
I зямля, як карабель,
I правады
Звіслі карабельнымі канатамі.

I святлей, святлей
Наш кожны дзень,
А ўжо рэкі новыя
Запруджаны.

Размова з нашчадкамі

Яшчэ не ацэнена

Неверагодна, неверагодна!
Мы ўжо для будучыні непрыгодны,
I для сучаснасці мы непрыгодны:
Нашы нашчадкі —
Люд не лагодны.

Мы кансерватары ўсе
Тупаватыя,
Вы — завадатары бур
I наватары.

Мы ўсе аўральнікі,
Культу стваральнікі,
Вы — праўдалюбцы,
Хлусні выкрывальнікі.

Вам цаліна,
I нейтроны,
I космас.
Нам — пасяджэнняў
Шаблонная поснасць.

Нам старамодныя густы
У гіпсе.
Вам — алімпійскія гульні
I ліпсі.

Вам з-пад дзявочых павейкаў
Іскрынкі.
Нам — дагрызаць
Успамінаў скарынку.
Мы — гераічныя,
Вы — гіранічныя.

Змоўкніце на міг усе гіронікі:

Даўгалецце

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Які мізэрны і убогі
Той недалёкі чалавек,
Што цягне да сваёй бярлогі
Набыткі розныя ўвесь век.

Сем дываноў, фарфор і срэбра,
А што за мэбля у яго!
Адгарадзіцца хоча мэбляй
Ад старасці і ад нягод.

Усюды уласнай служыць мэце,
Ён і вучоны і начканц.
Ён вельмі прагне даўгалецця,
I на ўвесь свет яму начхаць.

Трасецца за свой век кароткі,
Хоць сам, як бык ляны, здароў;
Падсмажваецца на курортах,
Наводзіць жах на дактароў.

Чытае, прылізаўшы патлы,
Ён медыцынскі бюлетэнь.
Пра лекі новыя, пра панты,
Пра вітаміны і жэнь-шэнь.

Сябрамі, жонкай зберажоны,

Калі падступаюць слёзы

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Слёз нашых захопнік не бачыў,
Хоць вочы смылелі не раз.
На смерць нас вядуць — мы не плачам,
Сяброў мы хаваем — не плачам,
Не плачам ад крыўд і абраз. —
      Сухія ў нас вочы у горы...

На з'ездзе прысягу прымаем
I сцяг свой высока трымаем,
Стаім мы плячо да пляча.
«Інтэрнацыянал» заспяваем —
Спадчыннікі Ільіча —
      I слёзы тады падступаюць...

Пад гул барабанаў і горнаў
I лёгка, і цвёрда, і горда,
Каб кожны іх крокі пачуў,
У залу ідуць піянеры,
Што нам, камуністам, так вераць,
Як верым мы ўсе Ільічу. —

Ноч перад святам

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Заўтра мне дваццаць пяць,
I Радзіме маёй дваццаць пяць.
Ды пра гэта падумаю я
Перад самым світаннем...
Ноч.

Шуміць лістапад.
Хвоі ў лесе панура рыпяць.
Вецер злосна шпурляецца
Ў твары сухімі лістамі.
Прыфрантовая вёска.
Дажджом абглыданы лясок.
Звонка хлюпае гразь,
I за ногі хапае пясок.

Як ваўчынае вока,
Мігнуў аганёк папяросы —
Гэта наша друкарня
Стаіць на паходных калёсах.
Тут пад небам дажджлівым
Разбітай Калінінскай вобласці
Мы друкуем гарачыя словы
Аб славе і доблесці.
Тут суровую песню
Аб Сільніцкім, героі-нябожчыку,
Набіраюць рупліва
Дзяўчаты-наборшчыцы.

Мяне сябры пытаюць...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Мяне сябры пытаюць:
«Скажы, сярдзіты друг,
Навошта табе тая
Нянавісць да хапуг?

Усё пра злыдняў пішаш...
А ты ідзі у сквер —
Вясной усмак падышаш,
Складзеш вясёлы верш».

Ах, божа мой...
Ды сам я
Захоплены навек
Высокімі лясамі,
Спакоем родных рэк.

Па рэчцы успамінаў
Я плыў бы ўсё і плыў...
А хто нажом у спіну
Таварыша забіў?

I душагубы ходзяць,
Схаваныя ў туман,
Што ў даўнім горкім годзе
Губілі партызан.

Калі з нас кожны мірна
Ў пасцелі мяккай спаў,
Хлапчук, а не граміла
Ларок абрабаваў.

Падлетка строга судзяць,
Судзіце і мяне:
Мне гора сэрца студзіць,

Я ўнука вяду ў Маўзалей

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

З высокай нязменнай любоўю
Між добрых надзейных людзей
Да Леніна крочу ізноў я
I ўнука вяду ў Маўзалей.
Яго павучаць не хачу я,
А проста вяду к Ільічу.
Убачыць — і сэрцам адчуе
Усё, што і сам я адчуў.
Няма тут на плошчы галоўных —
Няма паміж нас радавых —
Спакойная годнасць і роўнасць
I сэрца адно на усіх.
Запомні, унук мой, да скону:
Тут сонцу заўжды палымнець —
На гэтым граніце чырвоным,
На гэтай чырвонай сцяне.
А варта падцягнута строга,
А сонца гарыць над Масквой,
I чыстае сэрца малога
Стукоча ў далоні маёй.
Да ўсіх дакранулася вечнасць,
Чысцейшымі сталі усе.

Я люблю чырвоны колер цэглы...

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Я люблю чырвоны колер цэглы,
Даўнія цагляныя муры.
Я люблю старых заводаў цэхі
У святле рабінавай зары.

То жыцця найпрыгажэйшы колер,
Як і хараство лясоў і ніў.
I вучыўся я ў цаглянай школе
I нямала гліны памясіў.

Хай звініць яна спрадвечным звонам
На будоўлі ў наш бетонны час...
I сцяна Крамля, як сцяг чырвоны,
I музей чырвоны Ільіча.