Я дарос, пасталеў на вайне.
І хоць свеціцца срэбра на скронях,
Дзядзькам клічаш дарма ты мяне, —
Першы раз галасую сягоння...
Я ў баях пасівеў маладым:
Можа, попел мне скроні асыпаў,
Калі я штурмаваў гарады,
А мо пенай апырскала Прыпяць.
Нахадзіўся і я за вайну,
І вярнуўся з паходу ўчора,
І слязу першы раз праглынуў,
Неба роднага ўбачыўшы зоры...
Дай, таварыш, і мне бюлетэнь:
Калі хоча Радзіма спытацца,
Я ў сягонняшні радасны дзень
Адкажу дарагой па-салдацку.
Прысягаю на попел руін
І на нашу вялікую справу, —
Не знайшоў ласкавей я краін,
Ані больш чалавечага права.
