З пажоўклых пергаментаў,
З прапыленых фаліянтаў,
З усіх шчылін мінулых стагоддзяў
Вылазяць галовы
Мудрых разбойнікаў,
Кволых філосафаў,
Фанатыкаў і прарокаў,
І кожны
Дагматычным пальцам
Тыкае ў маё набалелае сэрца:
Я твой настаўнік.
Каб я паслухаў адных —
Мне патрэбна было б знішчыць
Палову чалавецтва.
Каб я паслухаў іншых —
Знішчыў бы другую палову.
I на кожнай вярсце
Нечуванай адлегласці
(Ад каменных дзідаў
да атамных шахтаў)
Пакінулі знакі свае
Прагнасць, злаба, і нянавісць.
Для мяне непрымальна
Ніводная форма прыгнечання,
I я ненавіджу
Чырвонае вока вайны.
