У пасцельку легла Ганя.
Скончан дзень. Заснуць пара.
Ноч у вычварным каптане
Ціха крадзецца з двара.
I цікуюць зоры з вышкі
Сінявокай грамадой.
А ў Ганусі, у малышкі,
Розных думак цэлы рой.
Быў цікавы дзень без меры:
Сонца, яснасць, цеплыня.
А за ўсё лепш — піянеры
I іх забаўкі, гульня.
«Скуль іх столькі? — дзіва Гані. —
Ну, як макаў агарод!
I малыя, а ўжо зрання
Правялі ў калгасе сход.
Былі песні, пагулянкі...»
Не засне ніяк дзяўча.
«А якія ў іх чытанкі,
Кніжкі «Іскры Ільіча»!
Там аповесці, нататкі
Пра звяроў і пра калгас.
А рысункі, а загадкі!..
Вось дзе можна бавіць час!»
Ціш і сон вакол маўклівы,
А ў Ганусіных вачах
Піянерскі тлум шчаслівы
I іх «Іскры Ільіча».
