Лятуць і лятуць сняжынкі,
Спадаюць
На ціхі дол,
Чысцюткай-чысцюткай беллю
Заслалі палі вакол.
Пялёсткамі буйнага цвету
Яны закружылі скрозь,
Як быццам
Вялізную вішню
Хто ўзяў угары патрос.
Хусцінкамі пухавымі
Захуталі
Плечы хвой...
Мая дарагая Радзіма,
Прыгожая ты і зімой!
Бялюткае ўсё прад вачыма,
I дым,
Што плыве ад стрэх...
На лыжах, на санках дзеці, —
Які іх вясёлы смех!
А ў МТС, ля кузні,
Гоман і гул стаіць...
Туды,
На прагляд чарговы,
Прыйшлі трактароў страі.
Механікі там з кавалямі
Іх ладзяць
На цэлы год, —
Жалезнаму нават сэрцу
Не шкодзіць у часе рамонт.
I трактары, як новыя,
Выходзяць адтуль,
Не сназнаць:
Адзіная ў іх гаворка —
Сумна без працы стаяць.
Дармо,
што вятры злуюцца,
Што снег на шляху рыпіць, —
Перамаўляюцца,
Рвуцца,
Каб толькі на полі быць.
Куды ні іду я, чую —
Дзе піляць,
А дзе куюць:
Такая мая Радзіма,
Што працаю ўсе жывуць.
Бачу я:
Ферму будуюць,
Шыраць цагельны завод,
Чысцяць палеткі ад хмызу,
Вязуць у лядоўні лёд.
А там,
на пляцы калгасным,
Узняўся вялізны дом...
I радасна,
Лёгка ў грудзях —
Дужэем мы з кожным днём!
I дзень наш якраз узрастае,
Глянеш —
На вока відно...
I вось ужо неўзабаве
Сустрэнемся мы з вясной.
Спачатку яна нясмела
Ледзь зрушыць у нас халады,
I ў капяжы,
Пад сонцам,
Пап'е верабей вады.
Пасля разыдуцца крыгі
Па ўсёй шырыні ракі.
Гракі
Распачнуць будоўлю,
Сялібы займуць шпакі.
А потым сявярні пойдуць,
Палі
Загудуць сяўбой...
Мая дарагая Радзіма,
Шчаслівыя мы з табой!
Мы ў працы будуем,
Узводзім
Палацы,
каналы,
масты...
Мая дарагая Радзіма,
Уся ў рыштаваннях ты!
Усюды —
Далёка і блізка —
Жаданая ява ўстае...
Як гляну на плошчы Мінска,
Аж сэрца маё пяе.
Што ў казцы,
Падпёршы неба,
Між ліп стаяць карпусы.
Калісьці на ўсёй Беларусі
Не зналі такой красы.
Трактары мінскае маркі
Ідуць у палі
Чарадой,
Людзі са ўсёй Беларусі
Сілы не зналі такой.
А там на Дняпры і Волзе
Дужыя хвалі шумяць, —
Такія ўстаюць
Будоўлі,
Што будуць на свет відаць.
Агні іх пабачаць людзі,
Дзе б толькі яны
Ні жылі, —
I згінуць навечна цемра
I войны на ўсёй зямлі!
Хоць сёння і кружаць буры,
Сонца
Не засцяць яны:
Чуваць у паветры на свеце
Подых вялікай вясны.