Можа, зморшчыцца строгі гісторык: «Факты выбраў на свой капыл. Гэтак нехта напіша скора — Ленін думаў і... пра Капыль...» Я, не крыўдзячы мудрай навукі, На сябе адказнасць вазьму: Ленін думаў пра нас і ўнукаў, Пра Капыль, і Лагойск, і Карму. Бачыў ён і далёкую далеч, Што на цэлы сусвет адна, I маленькую вёсачку Малеч, Што на карце і не відна. I калі мы на стол гасцінны Засцілаем белы абрус, А на ім у нас — мёд пчаліны, Хлеб пшанічны і сала брус; I калі ўжо няма пуцявіны, Па якой бы вярнуўся прымус, I на плечы нашы машыны Двухсоттонны ўзвальваюць груз; I калі звон цымбалаў былінны Чуюць сёння Памір і Эльбрус, А ў сівой вышыні жураўлінай Аж да зор даляцеў беларус, — Дык таму, што штодня, штохвіліны ЛЕНІН ДУМАЕ ПРА БЕЛАРУСЬ...