На прасторах
Між вялікіх гарадоў,
Над зямлёй,
Спакойнай і натруджанай,
Іней асыпаецца
З калматых правадоў
Лініі высокага напружання.
А падпоры —
Як гіравікі:
Ні на хвілю
Зняць цяжар той
Нельга ім.
У гушчар жыцця
Не дні — вякі
Ленінскую
Несці ім энергію.
Быццам нежывыя
Правады,
А кранеш —
I ўмомант будзеш спалены...
Тым агнём і нашыя рады
Непрыкметна для чужынцаў
Спаяны.
Адчуваем мы сябе заўжды
Маракамі,
Нават касманаўтамі,
I зямля, як карабель,
I правады
Звіслі карабельнымі канатамі.
I святлей, святлей
Наш кожны дзень,
А ўжо рэкі новыя
Запруджаны.
I ад сэрца ў сэрца ў нас ідзе
Лінія высокага напружання.
