Мы людзі свабодныя,
Вольныя птахі, —
Магутныя, грозныя
Крылляў размахі.
Зямлю непасціглую
Сэрцам пранялі,
Нябеснай валодаем
Сонечнай даллю.
I поўдні, і поўначы
Нам падуладны,
Калышам усходамі
Й захадам здрадным.
Змагаемся з громамі
Сілай нязмернай,
Пярун з бліскавіцамі
Служыць нам верна.
Шлях зоры крамлёўскія
Ў сонцы цярэбяць,
Ляцяць ясназорныя
Сокалы ў небе.
Мы людзі свабодныя,
Вольныя птахі, —
Магутныя, грозныя
Крылляў размахі.
