Калі нам сягоння да роднай сталіцы
Даводзіцца з розных краёў пад'язджаць,
Мы бачым, бы ў казцы, пад сонцам іскрыцца
На Ленінскіх горах вялізны палац.
Магутны той гмах, аж пад сонца высокі,
Стаіць ён і безліччу вокнаў заве,
Чырвоная зорка над ім у аблоках,
Як бы над усёю зямлёю плыве.
Якая вялікасць! Прыгожы і горды,
Па вобліку, быццам сталіца сама,
I брыдка прыгадваць гмахі-уроды,
Адкуль выпаўзаюць напалм і чума.
А тут будзе моладзь вучыцца старанна
I шмат дасягне для народа ўсяго,
I будуць такія, што ў мармуры стануць
З вялікімі разам на сценах яго.
Не, гэта не гмах збудаваны надзіва
З бетону і цэглы, з жалеза і шкла.
А гэта любімая наша радзіма
Да сонечных новых вышынь узрасла!
