Задрамаў ты з доляй, з хвалай,
Жвір халодны прыгаруніў...
Ой, скасіла — не спытала...
— Сні, таварыш, аб Камуне!
Ты хапаў за косы сонца,
Думаў думку аб пяруне,
Што дух збудзе ўсёй старонцы...
— Сні, таварыш, аб Камуне!
Як сіроты, забытымі
Цэп з касой вісяць у пуні,—
Хто ж на ворага іх здыме?!
— Сні, таварыш, аб Камуне!
Свет узняўся, схамянуўся...
Вер, свабодны вецер дуне
Па ўсёй чыста Беларусі!
— Сні, таварыш, аб Камуне!
Забуяе ў славе буйнай,
Зазвініць залатаструнне
Родны Край адной Камунай...
— Сні, таварыш, аб Камуне!
На магілцы-валатоўцы
Зарунеюць кветак руні;
Зайдзе сонца, ўзыдзе сонца...
— Сні, таварыш, аб Камуне!
* С. Г. Булат (1894—1921) — беларускі
грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў і кі-
раўнікоў партызанскага руху ў час, калі Бе-
ларусь была акупіравана пілсудчыкамі.