Мы — дзятва зямлі шчаслівай,
Мы — народ вясёлы,
Гаманлівы
Ды імклівы,
Нам расчынены зычліва
I прыветна школы.
А ты толькі ведай-знай:
Болей ведаў набывай!
Нам дарогі ўсе адкрыты,
Наш прастор бясконцы,
Апавіты
У аксаміты
Ды вясёлкамі умыты,
Разасланы ў сонцы.
А ты толькі ведай-знай:
З краю ў край па іх ступай!
Ўсюды нам даюць з ахвотай
У жыццё пуцёўкі:
Будзь пілотам,
З самалётам,
Як арол, у небе лётай,
Камандзір будзь лоўкі...
Адно толькі ведай-знай:
Сцеражы савецкі край!
Піянерскай клятвы словы
Мы не забываем:
За свет новы
Мы гатовы
I на бой пайсці суровы
Супраць чорнай зграі.
Піянер, ты будзь гатоў
Падтрымаць сваіх братоў!