Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў,
што звіняць,
як жабрацкая медзь у асенняй журбе.
Столькі год на падбор
словы плавіць гарачая кроў,
каб я змог у любві найвялікшай прызнацца табе,
Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб!
Гэта ўзважана сэрцам,
на нервах расстайных дарог,
дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп,
даставаўся здалёку, слязою абмыўшы парог.
Я не помню, якою парою навек палюбіў:
калі верасам сінім гарэлі трывожна лясы,
калі першы кляновік
з ільдзінкамі вострымі піў,
калі скублі заснежаны стог у зарэччы ласі
ці тады, як бухматы пад чорнаю хмараю воз
асцярожна, дрыготка ішоў па старому мастку,
і чаплялася сена
на голле самлелых бяроз,
і маланак святло апаліла душу хлапчуку?..
Першы след...
Ён дагэтуль за сенненскай вёскай відзён,
дзе прывабіў падпаска ў рамонкавых росах папар.
Я ад першай радоўкі чытаю да сённяшніх дзён
родных ніў і світанняў хвалюючы мудры буквар.
Ды не ўявіш сягоння цябе без гранітных абноў,
і пявучых турбін, і вядомых у свеце машын,
без лясных генералаў і трох Беларускіх франтоў,
што ішлі на Берлін і пакінулі ў тыле Берлін.
Шчасце — маці такую любіць,
гонар — гэткую мець.
Падарожнік ці госць, па нязнанай хаджу старане,
а скажу: «Беларусь» —
пачынае ўся зала грымець:
акрылёнага славай тваёй, сустракаюць мяне.
Маеш верных сясцёр. Ты шануеш іх дружбу, любоў,
абняла іх рукамі галін зарунелых і рэк.
Залатымі вузламі карэнне аршанскіх дубоў
так глыбока
з карэннем смаленскіх сплялося навек.
Азірніся: ў далёкай трывожнай смузе бальшака
на крывавы пясок не адзін пахіснуўся твой сын...
Сёння з доміка Першага з'езда да гмаха ЦК
дойдзеш пешкі па новаму Мінску за восем хвілін,
а не хопіць жыцця
змераць просты і праведны шлях
ад падпольных сцяжын,
забастовак, пушчанскіх блакад.
Чуеш, праца грыміць?..
Камуністы твае на пастах:
перад часам і светам — упэўнены чэсны пагляд.
Маладая ў грымотах вясны, ў сівізне завірух —
не стаміла работа цябе, не зламала вайна.
Вечна будзеш такой.
I тады, як самкнецца мой круг:
з салаўінае пушчы калыска,
з дрымотнага бору труна...
Толькі зноў я ўзнімуся, стамлёны паходам трубач,
каб уславіць твой сцяг і тваю маладую хаду.
Можа, словы не тыя?..
Прабач мне, Радзіма, прабач,
для цябе, дарагая, сапраўдныя словы знайду.