Цішку Гартнаму
Ці хто думаў, ці хто сніў
Таму дваццаць зім і лет,
Што капыльскі наш гарбар
Гэтак слаўна выйдзе ў свет.
Так бунтарна апяе
Жыцця новага сяўбу
I змаганне беднаты,
I рабочых барацьбу!
*
Ці хто думаў, ці хто сніў,
Лапці носячы й рыззё,
Калі ўсерасійскі цар
Наш народ таптаў з гразёй, —
Што рэспублікі сваёй
Мы уздымем вольны сцяг,
Абвясціўшы ўсім, усім,
Што цары ўжо нам не страх!
*
Ці хто думаў, ці хто сніў
Таму дваццаць лет і зім,
Што не хто, а той гарбар,
Каб гучэў Саветаў гімн, —
Для свабоднай БССР
(Не для іншай там якой)
Ён прынёс народу дар
«Сваёю ўласнаю рукой!»