Нас не пыталіся хто мы
У гэтыя дні за граніцай.
Братам мы даўно вядомы,
А ворагі ведалі мсціўцаў.
Браты нас даўно чакалі,
Насустрач нам выхадзілі
I нас абдымалі рукамі,
I песні пра нас злажылі.
Мы з імі дзяліліся хлебам,
Што вырас у стэпах данецкіх,
Пад зорным апаленым небам —
Святым нашым хлебам савецкім.
З баклагаў паходных пілі мы
Віно, свежасць Віслы, Вельтавы,
За Сталіна і за радзіму,
За будучыню і за славу.
А вораг праходзіў моўчкі,
Ці стаў пад позіркам нашым.
Дадолу спусціўшы вочы,
I побач быў дзень учарашні.
Мы катам прыпомнілі сёння
Агні Трысцянца і Майданек.
Здавалася нам, што патронаў
Ці хопіць адпомсціць за раны,
Мо' нейчая крыўда забыта,
На нашых бясконцых прасторах
Ляжыць скамянеўшы гранітам,
Шуміць на Палессі ракітай
Ці стогне ля Чорнага мора...
I мы прыслухаліся ветру,
Што веяў з усходніх барознаў.
Ды ціха было у паветры.
Вярталіся птушкі у гнёзды.
