У валасным будынку, з краю,
Малы агеньчык ледзь мігціць —
Ячэйка наша пасядае,
А спраў бягучых не злічыць.
Сышліся, як сябры, на сходку,
Хоць у ячэйцы іх не шмат —
Наш камісар, каваль з маёнтка,
I, што прыйшоў з Карпат,
салдат.
Гудуць аб хлебе, аб аўчынах,
Гудуць аб бандах навакол...
Настаўнік ціхі, беспартыйны,
Вядзе няхітры пратакол.
Гудуць аб хлебе, аб насенні,
Як разлічыцца са старым,
А са сцяны задумны Ленін,
Здаецца, штосьці кажа ім.
I ў сэрцах іх мацнее вера,
I сон не кратае павек.
Пад ранне зарыпелі дзверы —
I на парозе чалавек.
I хоць кажух яго падзёрты,
Сюды прыйшоў ён ад душы,
А слова парабкава цвёрда,
Яно рашуча: — Запішы!
I камісар, сваім алоўкам
Паклаўшы подпіс, так сказаў:
— Ну што ж, раз так — бяры вінтоўку,
Ты сёння з намі поплеч стаў.
У камуніста хопіць працы,
I ты працуй адзін за двух,
Пакуль што трэба нам трымацца
I за вінтоўку,
I за плуг!