Як калісь спявалі
Аб горы, няволі,
Так спяваць не будзем
Болей ўжо ніколі.
Адно, брат, падумаць,
Адно падзівіцца,
Як жыццё пабегла
Жваваю крыніцай.
Бальшавік дасужы
Гаспадарку творыць,
А так дружна, ўдала,
Што не будзе гора.
Во — зірні — сярмяжнік
Паганяе трактар,
Пасекі карчуе,
Межы рэжа ўпарта.
Фабрыкі, заводы, —
Коміны пад неба...
Шмат чаго мы робім,
А йшчэ болей трэба.
За час доўгі-доўгі —
За ўсё паўстагоддзе —
Шмат зрабіў ты, браце,
Ды яшчэ не годзе.
Перад намі, Колас,
Светлы шлях адкрыты,
На нівах красуе
Ядранае жыта.
Час перажываем
Казачна цудоўны...
Давай жа пець песні
З усёй грудзі поўнай!
З думкаю — наперад!
З думкай бунтаўнічай —
Туды — усё далей,
Куды жыццё кліча.
Хай голас ліецца
Радасцю жывою,
Як тут, у Саюзе,
Так і за мяжою.
Жыві, мілы Колас,
Многа летаў, зімаў
З ясным сонцам побач
На зямлі радзімай.
