Жыццё маё...

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Жыццё маё, ты — як цягнік бясконцы:
Святло і цень,
То змрок, то светласць рос.
I людзі з-за мільгаючых аконцаў
Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.
Я добра знаю ныцікаў мізэрнасць,
Не страчу моцнай веры
Ад няўдач...
I тапаліны пах, і шорах зерня,
I пад труною горкі матчын плач,
I выкрык развітальны паравоза,
I галасы з касмічных караблёў,
I смех дзяцей,
I ворагаў пагрозы, —
Жыццё сваё навек я з вамі сплёў.
Мой белы свет,
Мой свет цяжкі ды мілы,
Я ведаю, як трэба шмат рабіць,
Каб нам было бліжэй, чым да магілы,
Да шчасця і да сонечных арбіт.
Таму крывінкай кожнай ненавіджу
Я раўнадушных,
Чэрствых,
Прагных,
Хіжых,
Якія, каб паболей адхапіць,
Гатовы праўду Леніна забіць.
Гаворыце, што выйшлі вы з народа?
Куды? Чаму?
Якой цяпер пароды?
Я са свайго народа не выходзіў
I жыць да скону буду у народзе.
Мне сорамна народ агітаваць,
Каб людзі больш і больш штодня рабілі,
Мясілі гліну, валуны драбілі:
Ён ведае і сам, як працаваць...
Жыццё маё, ты столькі мела стратаў.
Што на паўстанку ціхім не сысці.
Я перад вамі вечна вінаваты,
Усе, каму нялёгка у жыцці:
Перад калекамі —
За ўсе іх пакуты,
Перад сінімі рэкамі —
За патокі атруты,
Перад птушкамі —
За браканьераў,
Перад памяццю мужных —
За чыёсьці нявер'е,
Перад старымі —
За кніжак убогасць,
Перад маладымі —
За хлусню дэмагогаў.
I я кажу трывожнаму юнацтву:
Жыві і вер, няхай цябе вядзе
Чырвоны сцяг,
Што вылецеў ў Семнаццатым
З сэрцаў найсумленнейшых людзей.